Заслужаны фальклорны гурт “Берагіня”

Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь
фальклорны гурт “Берагіня”
 (кіраўнік – Мікола Аляксеевіч Козенка)
берагіня
Калектыў заснаваны ў 1996 г. пры Мётчанскай СШ, у 2001г. яму было нададзена найменне “ўзорны”, а ў 2012 – найменне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”.
Удзельнікі гурта – вучні 3-11 класаў. У склад “Берагіні” ўваходзяць спеўная група “Выспа” і музыкальна-інструментальная “Валошкі”. Дзейнасць фальклорнага гурта “Берагіня” – першы ў Беларусі вопыт сістэмнага выхавання сельскіх школьнікаў сродкамі традыцыйнай культуры.
Кіраўнік_Козенка М.А.
Заснавальнік і нязменны кіраўнік гурта – Мікола Аляксеевіч Козенка, вядомы этнахарэограф, арганізатар і натхняльнік Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”, захавальнік лепшых танцавальных традыцый Беларусі.
У рэпертуары гурта творы розных відаў і жанраў народнага мастацтва, ён адлюстроўвае багацце і разнастайнасць беларускага танцавальнага, гульнёвага і музычнага фальклору: карагоды (“А мы проса сеялі”, “Заінька”, “Ляцелі дзве пцічкі”), гуртавыя танцы (“Грачанікі”), танцы парна-гуртавыя (“Полька з камандамі”, “Лявоніха”, “Мяцеліца”,”Вальс”), парныя скокі (полька “Кацярынка”, “Мільён”, “Какетка”, “Лысы”), танцы тройкамі (“Базар”, “Нарэчанька”, “Гапак”) і інш.; абрадавыя і пазаабрадавыя песні, гульні, народная проза і інш.
Мастацкая адметнасць калектыву ў тым, што засваенне рэпертуару адбываецца ўласцівым аўтэнтычнай народнай культуры шляхам вуснага яго пераймання ў фальклорна-этнаграфічных экспедыцыях, падчас кантактаў з носьбітамі традыцый Барысаўскага раёна, на святочных вечарынах і г.д.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

“Берагіня” – лаўрэат Міжнародных фестываляў харэаграфічнага мастацтва “Сожскі карагод” (Гомель, 1999), “Палескі карагод” (Пінск, 2000), “Беларуская полька” (Чачэрск, 2000); Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня” (г.п.Акцябрскі, 1999); абласнога фестывалю традыцыйнага танца “Мінская кадрыля” (Барысаў, 2015) і інш.
Выступленні “Берагіні” нагадваюць цікаваю гульню, на працягу якой дзеці танцуюць, спяваюць, іграюць на музычных інструментах, расказваюць казкі і байкі.
Дзейнасць гурта скіравана на ўсебаковае выхаванне вясковых дзяцей сродкамі розных праяў традыцыйнага мастацтва (танец, карагод, песня, гульня, інструментальная музыка, народная проза) рэгіёна Цэнтральнай Беларусі, пераважна Мядоцкага краю, і грунтуецца на прынцыпах выяўлення, вывучэння, пераймання, папулярызацыі і распаўсюджвання аўтэнтычнага фальклору Бацькаўшчыны.

Берагіня на Берагіні
Гуртоўцы не толькі практычна засвойваюць адноўленыя старажытныя ўзоры абрадавай і пазаабрадавай музычнай і харэаграфічнай культуры, але і сваімі рукамі пры дапамозе настаўнікаў і бацькоў вырабляюць сабе на падставе этнічных строяў самабытныя народныя касцюмы.
Даследуючы мастацкую культуру свайго рэгіёна, берагінцы развіваюць сябе і інтэлектуальна: пішуць навуковыя працы, удзельнічаюць з дакладамі ў рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцыях “Традыцыйная культура і дзеці”, “Мядоцкія фальклорныя чытанні” і інш. Інтэлектуальныя працы дзяцей сістэматычна друкуюцца ў рэспубліканскіх навуковых зборніках, рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ.
Калектыў “Берагіні” мае ўласны “Мядоцкі кнігазбор” – пэўную колькасць манаграфій, зборнікаў, падрыхтаваных кіраўнікамі калектыву: “Традыцыйнае вяселле Мядоцкага краю”, “Пакуль жыву, спадзяюся”, “Народная спадчына Бацькаўшчыны”, “Мы – “Берагіня” (пры ўдзеле дзяцей) і іншыя. Унікальны вопыт жыццятворчасці “Берагіні” (па сцвярджэнні вядомых вучоных Беларусі, Расіі, Украіны), акрамя названых выданняў, выкладзены ў чатырох зборніках серыі “Традыцыйная культура і дзеці: праблемы этнавыхавання”, асветлены больш чым у 170 публікацыях у рэспубліканскіх СМІ (“Настаўніцкая газета”, “Культура”, “Звязда”, “Краязнаўчая газета”, “Рэспубліка”, “Голас Радзімы” і інш., у часопісах “Мастацтва”, “Роднае слова”, “Адукацыя і выхаванне”, “Мастацкая культура і адукацыя”, у энцыклапедыі “Беларускі фальклор”, у замежных выданнях – “Балет” (Расія), “L’éveil“, “Renouveau“, “La Tribune le Proqres“ (Францыя) і інш.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Мётчанская “Берагіня” ўганаравана Дыпломам ЮНЭСКА “За значны ўклад у захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі” (22 чэрвеня 2008 г.). Мастацкі кіраўнік гурта ўзнагароджаны Дыпломам лаўрэата прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2014 года.