Справаздача па “Мінскай кадрылі”

На працягу многіх год існавання Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці склалася цікавая традыцыя ў сферы фальклора – кожны год прысвячаць пэўнай з’яве народнай культуры. Так, тэматыкай 2014 года на Міншчыне стаў побытавы танец. На працягу года раённыя метадычныя арганізацыі збіралі звесткі пра традыцыйныя побытавыя танцы сваіх рэгіёнаў, ладзілі разнастайныя мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай з’яве.

Каб падвесці вынік гэтай складанай (бо носьбітаў амаль не засталося, а тыя, хто яшчэ нешта памятае, не заўжды бываюць здольнымі паказаць, як танчылі продкі), было вырашана прысвяціць абласное свята па фальклоры народнай харэаграфіі. Арыентырам па змесце для яго стала канцэпцыя Рэспубліканскага фестываля фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Увогуле, па задумцы арганізатара гэтага фестываля, Мікалая Козенкі, для падрыхтоўкі калектываў да ўдзелу ў “Берагіні” кожная вобласць павінна праводзіць адборачны тур. На Міншчыне ў 2013 годзе спроба такога тура была – у межах свята-конкурсу дзіцячай творчасці “Калыска талентаў” у г. Клецку быў праведзены І абласны конкурс-адбор па традыцыйным танцы сярод дзіцячых фальклорных калектываў “Мінская кадрыля”.

Кадрыля – шматкалены парны танец, які зарадзіўся ў асяродку англійскіх сялян, потым “перайшоў” у салоны Францыі, з якіх распаўсюдзіўся па розных краінах свету, захаваўшы гістарычныя рысы і набыўшы рэгіянальныя адметнасці. Кожная фігура складалася з сольных выступленняў пар і сканчвалася агульнымі па. Такім чынам атрымліваўся складаны, разнастайны і вельмі прыгожы танец, у якім кожная пара магла праявіць сваю індывідуальнасць і адначасова адчуць сябе часцінкай агульнага кола танцораў. Так і беларускі фальклор – шматгранная сінкрытычная з’ява, складаючыся з мясцовых асаблівасцей, утварае нашу агульную творчую спадчыну.

Таму вырашылі назву пакінуць, змяніўшы фармат мерапрыемства. Па-першае, зрабіць яго не “ў межах” іншага свята, а самастойным. Гэта (разам са статусам “абласное”) прыдало вагі і прэстыжу як самаму фестывалю, так і калектывам-удзельнікам. Па-другое, па прыкладзе “Берагіні” да ўдзелу запрашаліся калектывы не толькі ад устаноў культуры, але і ад устаноў адукацыі.

17 калектываў з 11 раёнаў і горада Мінска ўзялі ўдзел у гэтым свяце. 68 танцавальных пар змагаліся за ганаровае найменне лепшых танцораў Міншчыны, каля сотні гледачоў падтрымлівалі ўдзельнікаў, самаму маленькаму з якіх 6 год, а самаму старэйшаму – 78. Акрамя таго, усе жадаючыя маглі павучыцца танцам розных рэгіёнаў на майстар-класах ад вядучых калектываў вобласці. На памяць можна было набыць сувеніры ад творчых майстэрняў, якія таксама прымалі ўдзел у свяце. Пасля конкурснай часткі, пакуль плённа працавалі члены журы (загадчык кафедры этналогіі і фальклору БДУКМ Калацэй Вячаслаў Віктаравіч, старшы выкладчык кафедры этналогіі і фальклору Пладунова Таццяна Аляксандраўна, старшы выкладчык кафедры харэаграфіі БДУКМ Бадунова Ірына Іосіфаўна і інш.), для ўдзельнікаў і гасцей была арганізавана гульнявая пляцоўка з традыцыйнымі беларускімі гульнямі. А гурток танцаў народаў свету Путчынскага СДК Дзяржынскага раёну запрасіў усіх у кола народных танцаў не толькі нашых продкаў, але і суседніх народаў.

І хаця свята мела статус “абласное”, грошай абласны бюджэт на яго правядзенне выдзеліць не змог. Прыйшлося звяртацца па спонсарскую дапамогу. Генеральным спонсарам свята стаў гасцінічны комплекс “У фонтана” у асобе дырэктара Лапшына І. А. Аснова прызавога фонду была закуплена на грошы комплекса.

Вялікі ўнёсак у арганізацыю свята зрабіла грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!”. Акрамя інфармацыйнай падтрымкі будзьмаўцы папоўнілі прызавы фонд “Мінскай кадрылі” торбамі, ці-шоткамі, карыснымі і цікавымі кнігамі, нататнікамі і іншымі прыемнымі дробязямі, якія так парадавалі маленькіх ўдзельнікаў фестывалю. Дапамаглі прызамі і арганізатар серыі выстаў “Рамзес-экспо”, і творчая майстэрня “V-arta”, і нават асобны ганчар Вольга Жарнасек. З чаго можна зрабіць выснову, што знайсці знайсці прызы магчыма, галоўнае: час, жаданне і ўпартасць.

Вялікую цяжкасць выклікала рэклама. Зразумела, што пра платныя паслугі не было нават гаворкі. Электронную афішу размяшчалі ў сацыяльных сетках, на сайтах сяброў і спонсараў. Дапамаглі і супрацоўнікі радыё “Мінская хваля”, зрабіўшы анонс свята. Канешне, гэта вельмі мала і гасцей на фестывалі было няшмат (яшчэ і надвор’е стаяла шалёнае: то сонца, то дождж). Але ўсё ж такі і такая рэклама прынесла станоўчыя вынікі – на свяце былі не толькі жыхары Барысава, якія “праходзілі міма”, але і госці з іншых гарадоў (у тым ліку і з Мінску), якія прыехалі спецыяльна на свята!

Па выніках свята-конкурса было вырашана праводзіць падобнае мерапрыемства раз на 2 гады.

Вядучы метадыст па фальклоры

Анастасія Комлік-Ямаціна