“Жавароначкі прыляціце – вясну і лета цёплае прынясіце!”

Спецыялісты аддзела традыцыйнага мастацтва дзяржаўнай установы “Мінскі абласны цэнтра народнай творчасці” вырашылі прысвяціць 2015 год народнаму календару Міншчыны. Такое рашэнне абумоўлена неабходнасцю захавання абрадавай спадчыны вобласці, бо, на жаль, многія абрады і рытуалы знікаюць з памяці новага пакалення і адрадзіць іх у будучыні будзе немагчыма, калі не будзе зафіксавана дастаткова звестак. Вынікам года народнага календара павінны стаць тэкставы і фотаархіў абрадаў розных рэгіёнаў, на падставе якога плануецца выданне абрадавага атласу Міншчыны.

18 сакавіка 2015 года на базе Дзяржынскага раёна адбыўся абласны семінар-практыкум “Абрады веснавога і летняга цыклаў”. Удзельнікамі семінара сталі метадысты па фальклоры, кіраўнікі фальклорных калектываў з 16 раёнаў Мінскай вобласці.

Семінар пачаўся з сустрэчы гасцей на мяжы дзяржынскага раёна. Кароткая экскурсія дазволіла ўдзельнікам пазнаёміцца з асдметнымі рысамі рэгіёнамі і асаблівасцямі працы ў сферы культуры.

Потым была арганізавана творчая сустрэча з Янінай Канстанцінаўнай Ярмаловіч – фалькларыстам і этназнаўцам. Удзельнікі семінара даведаліся пра легенды і паданні Дзяржынскага краю, пабывалі на святой крыніцы, ля якой у даўніну спраўляліся язычніцкія святы.

Пасля сустрэчы фальклорным гуртом этна-культурнага выхавання “Кастрыца” Путчынскага ЦКіА былі прадэманстраваны элементы абрадаў Дзяржыншчыны веснавога цыклу. Усе ўдзельнікі семінара маглі прыняць непасрэдны ўдзел у некаторых элементах і на ўласны вопыт “паспрабаваць” моц рытуальных дзей.

Цікавым і пазнавальным быў выступ абрадазнаўцы, спецыяліста Путчынскага ЦкіА, метадыста Дзяржынскага РЦКіНТ Лідзіі Валянцінаўны Бохан, якая пазнаёміла ўдзельнікаў з абрадамі і традыцыямі летняга цыклу.

Вынік семінару падвёў круглы стол, за якім гаспадары і госці абменьваліся думкамі, удакладнялі дэталі, абменьваліся кантактамі і дамаўляліся пра сусмесныя праекты.

Шчырую падзяку хочацца выказаць супрацоўнікам Дзяржынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і асабіста дырэктару Драчынскай Лідзіі Іосіфаўне за высокі прафесійны ўзровень арганізацыі і правядзення абласнога семінара. Асаблівую падзяку за гасціннасць і адметную творчасць ўдзельнікі семінара выказваюць Бохан Лідзіі Валянцінаўне, Ермаловіч Яніне Канстанцінаўне, Ермаловіч Наталлі Мікалаеўне і ўдзельнікам гурта этна-культурнага выхавання “Кастрыца”.

Вядучы метадыст па фальклоры

Анастасія Комлік-Ямаціна

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *