Зацягнулі…

Асаблівасць нацыянальнай культуры праяўляецца, перш за ўсё, у светапоглядзе і ўяўленнях чалавека гэтай культуры. Намагаючыся патлумачыць прыродныя і сацыяльныя з’явы, людзі з даўніх часоў стваралі цэлыя сусветы, населенныя багамі, духамі, фантастычнымі жывёламі. І, калі навуковыя тлумачэнні з’яў і працэсаў навакольнага асяроддзя больш-менш аднолькавыя па ўсёй Зямлі, то культурніцкія сусветы складаюць даволі стрыкатую палітру. І гэтыя разнастайнасць і непадобнасць з’яўляюцца адной з галоўных каштоўнасцей сусветнай культуры, якую варта захоўваць і ў наш час агульнай уніфікацыі і паўсюднай стандартызацыі.

Як ужо ўзгадвалася ў папярэднім артыкуле, бадай, самай яркай праявай адметнасці нацыянальных культур з’яўляюцца абрады. Цікавыя і непаўторныя калядныя абрады на Беларусі. Чароўны, напоўнены цудамі і магіяй час зімовага сонцаварота нашы продкі адзначалі з даўніх часоў. Нажаль, да нашых дзён дайшлі толькі ледзьве чутныяае рэха таго глыбіннага сакральнага сэнса, які дзяды і прадзеды ўкладалі ў традыцыі перапранання, абыхода двароў, адорвання калядоўшчыкаў, зімовых варожбаў і калядных спеваў, зацягвання апошняга, захаванага з восені, снапа на дуб…

На сённяшні дзень нам вядомы агульныя звычаі святкавання: калядаванне, сямейныя застоллі, вечарыны з сябрамі – так адзначаюць Каляды і нашыя суседзі, і жыхары больш далёкіх краін. А вось мясцовых адметнасцей, унікальных рытуалаў захавалася не так шмат. І доўгі час на іх ніхто не звяртаў увагі – большая частка насельніцтва імкнулася да “гарадскога ладу жыцця”, “бабуліны забабоны” былі не “ў трэндзе”.

Але хочацца верыць, што гэты пераломны, неразумны час мінуў і сёння мы з большай павагай і пашанай будзем ставіцца да культурнай спадчыны нашай Радзімы, будзем знаходзіць і вывучаць звычаі продкаў, каб перадаць іх запаветы дзецям і ўнукам. Будзем ганарыцца рэгіянальнымі адметнасцямі, а не імкнуцца сарамліва схаваць іх паглыбей і быць “як усе”.

Яркім таму прыкладам, на маю думку, стаў адроджаны архаічны абрад “Цягнуць Каляду на дуба” вёскі Новіны Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці. Гэта архаічны абрад, прысвечаны заканчэнню каляднага перыяду. Галоўнай яго мэтай з’яўляецца забеспячэнне дабрабыту на новы год для ўсяго наваколля.

Праходзіць абрад 21 студзеня, звычайна па абедзе. Каля сельскага клуба збіраюцца ўсе жадаючыя паўдзельнічаць у абрадзе. Работнікамі клуба і раённай метадычнай службы ўжо падрыхтаваны разнастайныя забавы як для дзяцей, так і для дарослых: можна паўдзельнічаць у жартоўным рукаёмным паядынку, пагуляць у снежкі ці беларускі эквівалент знакамітаму твістэру (больш складанаму і цікаваму), паспаборнічаць у хуткасці і лоўкасці ў эстафетах. Для тых, хто змерз і хоча пасядзець, у самім клубе іграюць музыкі, ім, як на старадаўніх вячорках, можна замовіць песню ці танец і уволю папець і патанчыць, а заадно і павучыцца танцаваць мясцовыя полькі, “падыспань”, “лявоніху” і інш.

У вызначаны загадзя час гаспадары збіраюць усіх у клубе і пачынаецца непасрэдна сам абрад. Каляду (гэта апошні зжаты сярпом сноп жыта, які захоўваецца з восені) упрыгожваюць, спяваюць ёй развітальныя песні, просяць прабачэння і ачышчэння і ўрачыста выносяць на двор. Тут ужо чакаюць засланыя сані, на якія сядае ўсімі паважаная жанчына і бярэ Каляду на рукі. Які год запар гонар “перавоза Каляды” належыць Ніне Дзмітрыеўне Клімовіч – ініцыятару аднаўдення абрада і яго нязменнай натхняльніцы. Увогуле пра Ніну Дзмітрыеўну можна распавядаць вельмі доўга – мудрая маці дружнай сям’і, заснавальнік і кіраўнік народнага сямейнага гульнёва-абрадавага гурта “Радзіна”, стваральнік адзінага ў раёне дзіцячага фальклорнага гурта “Валошкі”, прафесіянал сваёй справы, апантаная творчая асоба, прыгожая шчырая жанчына… Большая частка клопатаў па арганізацыі і правядзенні абрада кладзецца на плечы Ніны Дзмітрыеўны і яе сям’і: дзяцей, унукаў, сваякоў. Так, сын Анатоль Клімовіч, выдатны баяніст, суправаджае ўвесь абрад жывой музыкай. Нявестка Святлана – на правах маладой гаспадыні кіруе абрадам, унукі танчаць і спяваюць у абодвух гуртах.

І вось Каляду на санках імчаць да дуба-патрыярха. Услед за Нінай Дзмітрыеўнай едуць і астатнія ўдзельнікі абраду: на кані, на машыне, і нават ідуць пешшу. Прыйшоўшы да дуба, першай справай яго абдымаюць-абмяраюць – ці падрос за мінулы год. Потым самы смелы і лоўкі хлопец забіраецца на дрэва, здымае старую Каляду (потым яе спальваюць) і падымае новую красуню-абаронцу. Да ўпрыгожанага снапа – Каляды – ставяцца з вялікай пашанай, як да жывой асобы, у яе просяць прабачэння, дзеляцца з ёй сваімі марамі і жаданнямі.

Замацаваўшы Каляду, юнак спускаецца, гаспадыні частуюць усіх рознымі прысмакамі, прыгатаванымі ўласнымі рукамі, заводзяць агульны вялікі карагод. Справа зроблена! Усе вяртаюцца ў клуб, дзе гасцей чакае стол з гарачымі стравамі, а потым – гульні, танцы, спевы… Бо Каляда высока сядзіць і далёка глядзіць – не падпусціць да вёскі аніякага няшчасця.

Так адбываецца з года ў год – жыхары в. Новіны і госці развітваюцца з Каляднымі святамі, зацягнуўшы на дуба ляльку-абярэг. Паспяхова зацягнулі і ў гэтым годзе. На першы погляд, падаецца: ды што ж у гэтым цікавага, адметнага? Збіраюцца людзі, усталёўваюць на дрэве ўпрыгожаны сноп… Але словаў не хопіць, каб апісаць тыя радасць і шчасце, якія адчуваеш, апынуўшыся ля гэтага дуба, узяўшыся за рукі ў імклівым карагодзе.

Мне часта задаюць пытанне: а ці актуальна спраўляць старажытныя абрады ў ХХІ стагоддзі? Ці варта траціць час і сілы, намагаючыся аднавіць традыцыі продкаў? Адказ на гэтае пытанне падказалі разважанні філосафаў мінулых стагоддзяў і ўласныя назіранні.

Культура жыве, пакуль існуюць адметныя абрады і рытуалы, пакуль народ памятае пра святочныя дні, рытуальныя песні, мясцовыя традыцыі. Калі нашчадкі забываюць абрады сваіх продкаў, культура гіне, а нацыя бясследна раствараецца сярод іншых.

Так, наўрад ці сёння шмат людзей верыць у цудадзенасць і жыццёвую неабходнасць падобных абрадаў, як верылі нашы продкі. Наўрад ці шмат людзей нават разумеюць поўны сэнс рытуальных дзеянняў. Але галоўная функцыя старажытных абрадаў сёння – не магічная, а кансалідуючая, інфарматыўна-вызначальная, прымаючы ўдзел у такога рода мерапрыемствах, мы усведамляем сваю адметнасць ад іншых народаў, адчуваем роднасць беларускіх сэрцаў, прымаем не толькі розумам, але і душой спрадвечныя каштоўнасці роднае культуры.

Вядучы метадыст па фальклоры

Анастасія Комлік-Ямаціна

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *