Жыватворная крыніца нашага натхнення

     Фальклор заўжды з’яўляўся значнай часткай культуры любога этнаса, якая глыбока і ўсебакова раскрывае веліч мастацкага генія народа, прыгажосць яго маральнага аблічча, высакароднасць ідэалаў.

    Тэрмін фальклор (ад англ. Folk-lore – народная мудрасць) з’явіўся ў навуцы ў ХІХ ст. і абазначаў сукупнасць традыцыйных уяўленняў народа аб сваім унутраным і знешнім жыцці, якія замацаваны ў абрадах, гульнях, песнях, прыказках, прымаўках, казках, паданнях і інш.

Умоўна ў фальклоры выдзяляюць наступныя формы:

  • Вусна-паэтычны фальклор (прыказкі, прымаўкі, легенды, паданні, казкі, загадкі і г. д.)
  • Вакальна-харэаграфічны фальклор (песні, танцы, галашэнні і г. д.)
  • Абрадава-драматычны (гульні, абрадавыя дзеі і г. д.)
  • Выяўленчы фальклор (рытуальныя лялькі, маскі, святочна-рытуальнае адзенне і г. д.)

     У жыцці нашага народа фальклор і па сённяшні дзень адыгрывае важную ролю, з’яўляецца сапраўднай скарбніцай культурных каштоўнасцей, своеасаблівым ланцужком, які звязвае мінулае і сучаснасць, захоўвае традыцыі, прывівае юным беларусам лепшыя якасці чалавека: любоў да сваёй Радзімы, імкненне да свабоды, павагу да людзей, шчырасць, сумленнасць, гасціннасць і працавітасць.

     На Міншчыне з вялікай пашанай ставяцца да сваёй фальклорнай спадчыны: у кожным рэгіёне ёсць людзі, якія намагаюцца адшукаць і захаваць адметнасці свайго роднага куточка. Дзякуючы гэтым самаадданым збіральнікам духоўных скарбаў Міншчыны, мы сёння ведаем пра любанскія побытавыя танцы і ўнікальны выканальніцкі стыль аўтэнтычных фальклорных гуртоў, пра старажытныя калядныя абрады Салігоршчыны, Капыльшчыны і Бярэзіншчыны, пра святочныя строі Барысаўскага і Слуцкага павета, пра тое, як спявалі ў Старых Дарогах і як святкавалі Купалле на Валожыншчыне, можам паслухаць цудоўныя казкі Уздзенскага раёну…

     Гэта ўсё – сапраўдныя скарбы, якія засталіся нам у спадчыну ад продкаў. Давайце ж, сябры, шанаваць і зберагаць наш фальклор, каб да гэтай жыватворнай крыніцы натхнення маглі прыпасці і нашыя нашчадкі!